СМАРГО́НСКІ РАЁН Размешчаны на ПнУ Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940

(у сучасных межах з 15.5.1978). Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 60,9 тыс. чал. (2001),

гарадскога 60,3%. Сярэдняя шчыльн. 41 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Смаргонь. Уключае 324 сельскія нас. пункты, 12 сельсаветаў: Ардашынскі, Бялкоўшчынскі, Вішнеўскі, Войстамскі, Жодзішкаўскі, Залескі, Каранёўскі, Крэўскі, Кушлянскі, Лылойцінскі, Сінькоўскі, Сольскі.

Большая ч. тэрыторыі ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны, паўд. ч. на Ашмянскім узвышшы. Паверхня пераважна плоскараўнінная, на Пд — узгорыста-градавая, 30% яе вышэй за 200 м, 43% на выш. 140—200 м, 27% — ніжэй за 140 м. Найвыш. пункт Мілідаўская гара (320 м). Агульны нахіл з Пд на Пн. Глыбіня расчлянення рэльефу на Пд да 35 м/км². Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 17,9 °C. Ападкаў 600 мм. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. р. Вілія з прытокамі Ашмянка, Оксна з Гервяткай, Палавойка і інш. Азёры: Рыжае, Тушча. на мяжы з Мядзельскім р-нам Свір, Вішнеўскае. Рачунскае вадасх. на р. Ашмянка. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (53,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22,4%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (12,7%). Пад лесам 38% тэр., найб. лясны масіў на левабярэжжы р. Вілія на Пн ад г. Смаргонь. Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, дубовыя, альховыя; штучныя насаджэнні — каля 19%, пераважна хваёвыя. Пад балотамі 2,7% тэр. раёна. У межах раёна заказнік рэсп. значэння біял. Дубатоўскае, заказнікі мясц. значэння: ландшафтны і біял. Блакітныя Азёры (6 азёраў без назваў), біял. Жодзішкаўскі, ландшафтны, геолага-геамарфалагічны і палеанталагічны Трылесіна, ландшафтны і геамарфалагічны Марцішкі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк Залессе, валуны: каля в. Вавукі, Камень Багушэвіча каля в. Кушляны, «Асілак» у Трылесінскім лясніцтве, Камень-горка каля в. Укропенка, Вялікі камень каля вёсак Асаны, Крэва, Полтараўшчына; Ашмянец, Камяніцкі каля в. Камяніца, Кашэчы камень каля в. Кеўлы, Казіны камень каля в. Ядвігава, града Свайгінская каля в. Свайгіні, узгорак Мілідаўская гара каля в. Мілідаўшчына. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у в. Дабраўляны, валуны Марцішкінскі каля в. Бярозы, Чортаў камень каля в. Войневічы, Войстамскі і Юрыздыцкі каля в. Войстам, Вялікі камень каля в. Суцькава і валуны каля вёсак Будзілкі, Вугляны, Кацярынава, Крыўск, Мілідаўшчына, Пільці, Паляны, Сялец, Хведзевічы.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,3 тыс. га, з іх асушаных 23,1 тыс. га. На 1.1.2002 у раёне 11 калгасаў, 2 саўгасы, аграфірма «Вілія», птушкафабрыка, рыбгас, 30 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, птушкагадоўлі, рыбагадоўлі, ільнаводстве, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы прам-сці: буд. матэрыялаў, металаапр., харч., дрэваапр., камбікормавай, першаснай апрацоўкі лёну, кааператыўнай; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтастрада Мінск—Вільнюс, аўтадарогі на Свір, Ашмяны, Гальшаны, Маладзечна і інш. У раёне 17 сярэдніх (у т. л. гімназія, сац.-пед. комплекс, школа-інтэрнат), 13 базавых, 6 пач., 2 спарт. школы, школа мастацтваў, ПТВ, Дом творчасці дзяцей і моладзі, станцыя дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства, станцыя дзіцячай тэхн. творчасці, экалагічны цэнтр, сац.-пед. цэнтр, вучэбна-вытв. камбінат і інш., 24 дашкольныя ўстановы, 31 дом культуры і клуб, 39 б-к, 6 бальніц, 2 паліклінікі (2 філіялы), дзіцячая кансультацыя (2 філіялы), 24 фельч.-ак. пункты, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Музеі: Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей, Багушэвіча Ф.К. літаратурна-мемарыяльны музей-сядзіба, музей-сядзіба М.​К.​Агінскага ў в. Залессе. Помнікі архітэктуры: капліца (19 ст.) у в. Алянец, касцёл Тадэвуша (1811) у в. Вішнева, касцёл (пач. 20 ст.) у в. Войстам, царква (19 ст.) у в. Выгаліненты, Троіцкі касцёл (1809) у в. Данюшава, Жодзішкаўскі кальвінскі збор, сядзіба (19 ст.), якая ўключае сядзібны дом (былы Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум) у в. Жодзішкі, Залескі палацава-паркавы ансамбль, царква Усіх засмучаных (1862) у в. Кеўлы, руіны замка (гл. Крэўскі замак) і царква Аляксандра Неўскага (1854) у в. Крэва, свіран (19 ст.) у в. Кушляны, Пакроўская царква (1866) у в. Міхневічы, касцёл (1905) у в. Нястанішкі, касцёл Маці Боскай (пач. 20 ст.) у в. Солы. Гіст. помнік — цэнтр рамяства (19 ст. — 1-я пал. 20 ст.), адзін з буйнейшых цэнтраў керамічнай вытв-сці на З Беларусі ў в. Крэва. Выдаецца газ. «Светлы шлях».

В.​І.​Мацкевіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 15, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)